Thursday, November 19, 2026

Як перамагчы цяжкасці падчас унутранай малітвы

«Хто ня быў спакушаны, што ён ведае?» (Сір 34:9)

Кс. Жазэф Сімлер SM: «Малітва ў сваёй найвышэйшай сутнасці з’яўляецца заняткам анёлаў і святых у небе; яна будзе іх гонарам і радасцю на вечныя часы. Тут, на зямлі, малітва таксама з’яўляецца найвышэйшым, найбольш нябесным і найбольш годным заняткам; яна адначасова першы інструмент апостальства і наймагутны сродак хрысціянскай руплівасці. Таму малітва ставіцца перад прапаведаваннем Божага слова. Таму Марыя, супрацоўнічаючы ў справе збаўлення і адкуплення свету, павінна была маліцца, жыць жыццём малітвы».

Малітва Марыі была малітваю веры і прысутнасці Бога, малітваю медытацыі, просьбы, адпаведнасці Божай волі і еднасці з Богам. Дай, о Найсвяцейшая Дзева Марыя, Каралева Святога Ружанца, Валадарка Цудоўнага медаліка, добрая і пяшчотная наша Маці, тое, аб чым я прашу Цябе ў імя Твайго Сына Ісуса і Твайго Беззаганнага Зачацця: каб я сам і ўсе чытачы гэтага дапаможніка змаглі наследаваць Твой прыклад і ў Тваёй школе і пад Тваёй апекай сталі сапраўднымі людзьмі малітвы, амін +

Дапаможнік па практыцы ўнутранай малітвы


Цяжкасці падчас унутранай малітвы, і як мы можам іх перамагчы

Чаму Бог дазваляе нам сустракацца з цяжкасцямі падчас унутранай малітвы, якія бываюць цяжкасці, і як мы можам іх перамагчы? Трапныя адказы на гэтыя пытанні і практычныя парады пададзеныя ў старой кніжыцы французскага айца-марыста (Societas Mariae, Таварыства Марыі) тут і тут. Ніжэй вы ўбачыце кароткі змест кнігі, а вытрымкі з гэнага 17 раздзелу занатаваныя намі ўнізе.

Кс. Жазэф Сімлер SM: «Сатана пакляўся перашкодзіць табе стаць чалавекам медытацыі. Бог вырашыў даць нам усё пры дзвюх умовах: 1) што мы будзем прасіць Яго; 2) што мы будзем паўтараць сваю просьбу, пакуль не атрымаем жаданае. З любові да нас Бог патрабуе не толькі маліцца, але і дасягаць пэўнай меры ў малітве. Чым бліжэй мы падыходзім да гэтай меры, тым бліжэй падыходзім да паўнаты ласкаў (…) для сваіх асабістых інтарэсаў, інтарэсаў сваёй сям’і, натуральнай ці манаскай, сваёй краіны і святога Касцёла.

Кім бы ты ні быў, мой дарагі сябра, паслухай гэтае апошняе слова: калі ты чалавек малітвы, падзякуй Богу за гэты неацэнны дар; калі ты яшчэ не чалавек малітвы, не занядбай нічога, каб як мага хутчэй ім стаць. Няхай так будзе — і гэтага будзе дастаткова. Няхай Айцец, Сын і Дух Святы будуць усюды праслаўлены праз Беззаганную Дзеву Марыю». Амэн-амэн-амэн + + +

Медытацыя па-каталіцку

Дзякуй вялікі п. Максіму Фомічу з Менску за тытанічную працу з эксклюзыўнага (!) перакладу на мілагучную Беларускую мову спадчыны лацінскае Традыцыі! Кніга, змест якой са спасылкамі на адпаведныя старонкі (1, 2, 3…) прыведзены ніжэй, будзе дапаможнікам у каталіцкае медытацыі. Досвед паказаў, што яна сапраўды дасяжная для разумення кожнага чалавека добрай волі і што яна аднолькава карысная як для свецкіх маладых людзей, бацькоў і маці, для якіх хрысціянскае жыццё не пусты гук, гэтак і для святароў і манахаў, семінарыстаў і навіцыяў у кляштарах. Дзеля ўсё большае хвалы Божае і нам на збаўленне, радасць і карысць! На карысць Беларусам і Касцёлу ў Беларусі. Каб жыла наша Мова, сакральная мова!

Кс. Жазэф Сімлер SM - Дапаможнік па практыцы ўнутранай малітвы для чалавека добрай волі (1886)

• 1. Якую мэту ставіць перад сабою гэты дапаможнік і каму ён адрасаваны
• 2. У чым заключаецца сутнасць малітвы. Што адрознівае ўнутраную малітву ад вуснай малітвы. Унутраная малітва як рэгулярная практыка. Даступнасць гэтай практыкі.
• 3. Чаму ўнутраная малітва займае першае месца сярод рэлігійных практыкаванняў
• 4. Як нам рабіць унутраную малітву і, перш за ўсё, як набыць неабходную паставу праз агульную падрыхтоўку
• 5. Як рыхтавацца да ўнутранай малітвы незадоўга да яе, або як рабіць непасрэдную падрыхтоўку
• 6. Што рабіць у пачатку ўнутранай малітвы, або ў чым заключаецца непасрэдная падрыхтоўка, ці так званая малітва веры і прысутнасці Бога
• 7. У чым заключаецца асноўная частка медытацыі, і як прадмет медытацыі натуральным чынам дзеліцца на некалькі пунктаў
• 8.1. і 8.2. Як рабіць разважанні і ў чым заключаецца малітва медытацыі
• 9. Адкуль бяруцца пачуцці і ў чым заключаецца малітва просьбы
• 10. Як фарміруюцца пастановы і ў чым заключаецца малітва еднасці
• 11. Пра перыяд часу, які трэба прысвяціць розным часткам унутранай малітвы
• 12. Чым заканчваць унутраную малітву, або як рабіць завяршэнне
• 13. Як дзейнічаць, калі тэмай медытацыі з’яўляецца не ісціна, а факт
• 14. Як дзейнічаць падчас практыкавання, якое называецца змешанай унутранай малітвай
• 15. Як можна спалучыць унутраную малітву з іншымі пабожнымі практыкаваннямі
• 16. Як і навошта рабіць разбор унутранай малітвы
• 17.1. і 17.2. Чаму Бог дазваляе нам сустракацца з цяжкасцямі падчас унутранай малітвы, якія бываюць цяжкасці, і як мы можам іх перамагчы
• 18. Як нам трэба старацца зрабіць сваю ўнутраную малітву малітвай веры
• 19. Найсвяцейшая Дзева — апякунка і ўзор чалавека ўнутранай малітвы
• 20. Заключнае слова дапаможніка

«Пасля таго як ты, Дарагі сябра, прайшоў да гэтага моманту, паслухай яшчэ апошнія словы твайго дапаможніка. Ёсць іншыя практыкаванні, такія як святая ахвяра Імшы, святая Камунія, якія перавышаюць яе па годнасці; але ўнутранай малітвай падтрымліваюцца ўсе практыкаванні пабожнасці і дзякуючы ёй яны прыносяць плён; без яе яны слабнуць і застаюцца бясплоднымі. Будзь чалавекам малітвы і медытацыі, і гэтага будзе дастаткова».

Вытрымкі з вышэйзгаданага 17 раздзелу мне на памяць : )

"У Божым намеры цяжкасці, якія Ён дазваляе, працуюць на тваю карысць, а не супраць цябе. Цяжкасці ва ўнутранай малітве падобныя да ўсякай іншай спакусы: яны непазбежныя, але карысныя. Перашкоды ў малітве звычайна падзяляюць на тры групы: адцягненне ўвагі, сухасць і ілюзіі. Некаторыя сродкі супраць гэтых бед дзейнічаюць толькі на адну з іх, аднак большасць з іх эфектыўныя супраць усіх трох".

“Сыне, калі збіраешся служыць Пану, падрыхтуй сваю душу да выпрабавання” (Сір 2:1). "Унутраная малітва мае свае цяжкасці і патрабуе высілку — не толькі як усякая фізічная, маральная або інтэлектуальная праца, але асабліва таму, што яна з’яўляецца крыніцай найвялікшых благаслаўленняў. “Ты быў прыемны Богу, таму неабходна было, каб спакуса выпрабавала цябе” (Тоб 12:13)".

"Усе адцягненні можна падзяліць на дзве катэгорыі: добраахвотныя і міжвольныя. Міжвольныя адцягненні не павінны нас турбаваць, бо яны не робяць нас вінаватымі і не шкодзяць, пакуль застаюцца міжвольнымі. А яны застаюцца міжвольнымі да таго часу, пакуль мы іх не ўсведамляем. Як толькі мы іх заўважаем, мы павінны змагацца з імі так, як з добраахвотнымі. (...) Мы не нясём адказнасці за гэтыя адцягненні, пакуль не ўсведамляем іх; але таксама і тады яны могуць быць адкінуты нашым розумам, адхілены сэрцам і пераможаны воляй".

"Адна рэч заўсёды ў тваіх сілах: добра пачаць, гэта значыць падумаць пра тое, што збіраешся рабіць. У пачатку кожнай справы трэба скіраваць на яе свой намер. Калі ты будзеш так паступаць у сваёй унутранай малітве, кажа св. Тамаш, ты забяспечыш сабе галоўныя плёны кожнай добра здзейсненай малітвы. Калі ж, акрамя таго, ты будзеш старацца захоўваць сябе ў Божай прысутнасці, не робячы нічога, што супярэчыць твайму першаму намеру, ты застанешся дзякуючы гэтаму віртуальнаму намеру пад збаўчым уздзеяннем ласкі".

"Як толькі ты адчуеш, што вярнуўся ў звычайны стан, зноў вазьміся за той прадмет, які праз адцягненне страціў з-пад увагі. І калі новыя адцягненні прымусяць цябе вяртацца пяць, дзесяць, дваццаць разоў, не раздражняйся з гэтай прычыны; вяртайся дваццаць разоў да тых самых актаў — і ты дасягнеш вялікага прагрэсу ў медытацыі. Гэта і ёсць малітва цярплівасці".

"Паслухай лагоднага св. Францішка Сальскага на тую ж тэму: “Калі тваё сэрца блукае або адцягваецца, мякка вяртай яго да пункту, пастаў яго пяшчотна каля свайго Настаўніка. Калі б ты на працягу ўсяго часу не рабіла нічога іншага, як толькі ласкава вяртала сваё сэрца і ставіла яго каля нашага Пана — нават калі б яно столькі ж разоў адыходзіла, колькі ты яго вяртала, — час быў бы выкарыстаны добра і ты здзейсніла б практыкаванне, вельмі прыемнае твайму дарагому Жаніху”".

"Можна таксама звярнуцца да некаторых знешніх сродкаў: паглядзі на крыж, на табернакулюм, на ікону Найсвяцейшай Дзевы; вазьмі кнігу, прачытай некалькі вусных малітваў, паўтары кароткія заклікі. Але заўсёды дзейнічай лагодна, не паддавайся раздражненню і не губляй даверу. Супрацьстой ворагу з упэўненасцю, натхняючыся верай. (...) Таму прашу цябе: ніколі не складвай зброі, ніколі не губляй мужнасці, не давай адцягненням поўнай свабоды і не пакідай практыкі ўнутранай малітвы".

"Стан духоўнай бясплоднасці трэба перамагаць прамым намаганнем падчас самой медытацыі, г. зн. актамі веры ў прысутнасць і іншыя ўласцівасці Бога, але асабліва актамі пакоры, даверу і просьбы. Нават калі гэтыя акты, як нам здаецца, не ідуць ад сэрца, а зводзяцца да простага руху вуснаў і языка, іх усё ж дастаткова, каб утварыць стан малітвы. Калі нам балюча быць у такім стане, мы, паводле св. Аўгустына, здзяйсняем выдатную малітву: “Бо калі нам хоць бы гэта балюча, мы ўжо молімся”".

"Стан сухасці часта працягваецца без нашай віны; тут, як і ў фізічным парадку, мы не ў сілах выклікаць дождж для асвяжэння зямлі, калі нам захочацца. Таму трэба быць пакорным, бо гэта вельмі балючае выпрабаванне, і ўсё ж досвед паказвае, што Бог не вызваляе ад яго сваіх найлепшых сяброў і слуг. (...) У такім стане ўнутраная малітва становіцца невыносным цяжарам; у гэтым практыкаванні адчуваюцца толькі стома і агіда, а часам — моцныя спакусы, цемра і вялікае расчараванне".

“Менавіта праз сухасць і спакусу Пан выпрабоўвае тых, хто Яго любіць. І нават калі б гэтае выпрабаванне цягнулася ўсё жыццё, душа не павінна пакідаць унутранай малітвы; прыйдзе час, калі ўсё будзе шчодра ўзнагароджана. Любоў да Бога заключаецца не ў тым, каб адчуваць пяшчотныя ўзрушэнні, а ў тым, каб служыць Яму з мужнасцю і пакорай” (св. Тэрэза).

“Менавіта ў сухасці мы атрымліваем найбольш карысці. Таму будзем пакорнымі і адданымі Божай волі, калі бачым сябе без запалу, без жадання і амаль няздольнымі здзейсніць які-небудзь акт цноты. Будзем пакорнымі, кажу, і адданымі: такая медытацыя будзе для нас больш карыснай, чым іншыя. Калі ў такім стане мы не можам зрабіць нічога іншага, будзем задавольвацца тым, каб казаць: Памажы мне, Пане, змілуйся нада мною і не пакідай мяне. Будзем звяртацца да Марыі, нашай Маці і суцяшальніцы. Шчаслівы той, хто ў спусташэнні застаецца верным унутранай малітве! Бог шчодра пралье на яго свае ласкі” (св. Альфонс).

“Чым больш Бог пазбаўляе нас суцяшэння, тым больш мы павінны старацца засведчыць Яму сваю вернасць. Адзін акт, здзейснены ў сухасці духу, варты больш, чым многія акты, здзейсненыя ў пяшчотным узрушэнні, бо ён — плён мацнейшай любові. (...) Будзем цярпліва чакаць вяртання суцяшэння, пойдзем сваёй дарогай, не пакідаючы ніякай практыкі пабожнасці, а калі магчыма — нават памнажаючы добрыя ўчынкі…” (св. Францішак Сальскі).

"Не старайся заўсёды бачыць свой прагрэс у цноце — гэтак жа, як ты не намагаешся бачыць або чуць, як дзень за днём расце трава. Назіраць гэты рост у маральным парадку так жа цяжка, як і ў фізічным; праца духоўнага прагрэсу адбываецца павольна і незаўважна. Унутраная малітва — гэта духоўная ежа, эфект якой мы не заўсёды адразу адчуваем".

"Не ацэньвай вартасць сваёй медытацыі ні па суцяшэннях, якія адчуваеш, ні па стоме, якую зносіш, ні па тым, што, як табе здаецца, ты застаешся на месцы, але па добрай волі, якая ўзнікае пасля малітвы, па большай пашане да свайго правіла, да паслухмянасці, да самаўтаймавання і г. д. У добрай медытацыі мы вучымся не адчуваць, а хацець; не быць дасканалымі, а няспынна працаваць, каб імі стаць".

"Перамена ўнутранага жыцця выяўляецца ў знешніх паводзінах, асабліва ў адносінах да бліжняга. Рабі свае медытацыі добра — і ўбачыш, як твая любоў будзе станавіцца ўсё больш сапраўднай. Сапраўдная любоў, як ты ведаеш, цярплівая, дабрадушная, уважлівая; яна ўсё апраўдвае, усё тлумачыць у добрым святле, усё даруе, яна вынаходлівая ў тым, каб умацоўваць адзінства сэрцаў і думак. (...) Унутранае абнаўленне непазбежна вядзе да больш поўнага самаадрачэння".

"Самым надзейным знакам добрай унутранай малітвы з’яўляецца наш прагрэс у пакоры і паслухмянасці; на практыцы гэтыя дзве цноты непадзельныя і падобныя да ўрадлівай глебы, на якой растуць кветкі і плады медытацыі. Таму мы любім паўтараць у канцы: бярыся за медытацыю — і атрымаеш каштоўны дар пакоры; бярыся за пакору — і атрымаеш дар медытацыі; гэтыя дзве цноты ніколі не сустракаюцца адна без другой. Будзь жа пакорным, прызнай сваю слабасць, сваю няздольнасць, сваю нягоднасць, сваю нікчэмнасць; адганяй усякую марную самазадаволенасць, усякае самалюбства і эгаізм — і Бог зірне на цябе з дабратой". Амэн. Амэн. Амэн.

Пераклад на беларускую мову
пана Максіма Фоміча з Менску

свецкі брат Андрэй Людвік Мікалаеў OP
ад Найсвяцейшага Аблічча і Усесвятога Сэрца
aka Fra Ludovicus de Sanctissimo Vultu et Sacratissimo Corde

No comments:

Post a Comment

Can write your comment…